1.Якія старажытныя плямёны былі нашымі продкамі?


Ужо з глыбокай старажытнасці на Беларусі жылі розныя, пераважна індаеўрапейскія, плямёны. У другой палове 1-га тысячагоддзя па Нарадженні Хрыстовым наш край пачалі засяляць славянскія плямёны, што спрычыніліся да славянізацыі мясцовых балтаў. Славяна-балцкі сінтэз вёў да фармавання старабеларускага етнасу.

Згодна з летапісам і археалагічнымі даследаваннямі паўднёвую і центральную частку Беларусі займалі драгавічы (дрыгавічы), Пасожжа - радзімічы, Падзвінне і паўночнае Падняпроўе - крывічы (Глядзіце мапы расьсяленьня крывічоў і радзімічаў - "ВГ"). Яны складалі саюзы плямёнаў, мелі свае гарады і дзяржавы - княствы. З балцкіх плямёнаў на тэрыторыі Беларусі летапісы захавалі нам назовы літвы і яцьвезі, якія жылі на захадзе і паўночным захадзе.

Матэрыяльная і духоўная культура славянскіх плямёнаў - продкаў беларусаў, як сведчыць археалогія, мала розніліся між сабою. Выключэнне складаюць упрыгожанні, асабліва металічныя скроневыя колцы. У драгавічанак гэта былі зярнёныя буйныя пацеркі, у крывічанак - бранзалетападобныя колцы, на Пасожжы насілі колцы сяміпрамянёвыя.

Найважнейшую ролю ў нашай старажытнай мінуўшчыне адыгралі крывічы. Яны ўтварылі першую вядомую з летапісаў беларускую дзяржаву - Полацкае княства. З XІІІ стагоддзя на авансцену гісторыі выходзіць Новагародак (Наваградак). Беларусы Панямоння, падпарадкаваўшы суседняе племя літву, заклалі падмурак нашай новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага.

З умацаваннем дзяржаўных інстытутаў у выніку інтэграцыйных працесаў да XІІ стагоддзя плямёнавы падзел на Беларусі ў асноўным знікае. Назовы ж крывічы (Крывія), а пазней ліцьвіны (Літва) пачынаюць азначаць дзяржаўную прыналежнасць, з'яўляючыся гістарычнымі етнонімамі беларусаў.

Міхась Чарняўскі

[up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"