13. Як адбіваліся нашыя продкі ад крыжацкае навалы?


ХІІІ стагоддзе сталася часам сур'ёзных выпрабаванняў для многіх эўрапейскіх народаў і дзяржаў. На славянскія землі з поўдня абрынуліся незлічоныя орды стэпавікоў, а з захаду распачалі экспансію крыжакі.

Гэта былі рыцары з усёй Заходняй Эўропы, якія пасля няўдалых паходаў у Палесціну (з мэтай «вызвалення Божай Дамавіны») імкнуліся захапіць новыя землі. Адным з першых прыняло на сябе іх удар балцкае племя прусаў. І было вынішчана, а рэшта - анямечана. Імкнучыся адсекчы Полацкае княства ад мора, у 1201 годзе крыжакі ля вусця Дзвіны заснавалі горад Рыгу (дарэчы, паводле В.Ластоўскага, «рыга», або «рыгво», на старабеларускай мове азначае «вусце ракі»). З таго часу пачаўся іх ціск на Полацкую зямлю і іншыя старажытнабеларускія землі. У 1208 годзе яны захапілі полацкі горад Кукенойс - уладанне князя Вячкі, у 1209 - Герсіку, падыходзілі пад сцены Полацка. У адказ полацкі князь Уладзімер (Валодша) знішчаў іхныя ўмацаванні пад Рыгаю і Гольмам. Разам з ноўгарадцамі палачане білі крыжакоў на Няве ў 1240 годзе, а затым на Чудскім возеры ў 1242 годзе.

Гэтаксама і валадары новай беларускай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага - ад Міндоўга да Вітаўта мусілі змагацца з крыжакамі. Ледзь не штогод на працягу амаль трох стагоддзяў сутыкаліся ў бітвах беларускія і крыжацкія войскі. Напрыклад, толькі ў часы княжання Альгерда (1341-1377) налічваецца блізу сотні набегаў крыжакоў на Беларусь і трыццаці паходаў беларускага войска ў адказ. У некаторых паходах нашае войска налічвала да 30 тысяч вояў.

Асаблівай мужнасцю і ваярскім майстэрствам вылучаўся князь Давыд Гарадзенскі. Шмат гадоў ён паспяхова адбіваў напады і наводзіў жах на крыжакоў і іх памагатых. У 1314 годзе, калі немцы напалі на Новагародак, Давыд з невялікім войскам падпільнаваў іх і ледзь не палову перабіў, захапіўшы паўтары тысячы коней і нарабаванае дабро. Прайшоўшы крыжацкім шляхам ад Новагародка ў адваротным накірунку, гарадзенскі князь знішчыў усе варожыя базы. Тым самым адступленне недабітых рабаўнікоў ператварылася ў панічныя ўцёкі. У 1319 годзе Давыд Гарадзенскі з 800 вершнікамі ўварваўся ў Прусію, захапіў некалькі славутых рыцараў-камтураў разам з іх майном. Неаднойчы ён хадзіў на дапамогу Пскову. У 1322 годзе разам з пскавічамі Давыд разбіў вялікае нямецкае войска. Было знішчана пяць тысяч крыжакоў. Пад час далёкіх паходаў Давыд Гарадзенскі вёў з сабою параўнальна невялікія аддзелы. Так, у паходзе на Брандэнбург у 1326 годзе ўдзельнічалі 1200 чалавек. Гарадзенцы дайшлі да Франкфурта-на-Одэры. Не могучы перамагчы князя на пабаявішчы, крыжакі нанялі польскага воя Анджэя, які па-здрадніцку забіў Давыда Гарадзенскага нажом у спіну.

У 1410 годзе аб'яднанае войска Вялікага Княства і Польскага Каралеўства дало рашучы бой крыжакам пад Грунвальдам. Гэта была найвялікшая бітва ў тагачаснай Эўропе, дзе сустрэлася блізу 80 тысяч чалавек. Ордэн быў разбіты ўшчэнт. Загінуў і крыжацкі магістр, камтуры, увесь цвет рыцарскага войска. Хоць пэўны час ордэн яшчэ існаваў, толькі аднавіць былую моц крыжакі ўжо не здолелі. З гэтага часу знікла пагроза з іх боку для земляў усяе Ўсходняй Эўропы.

Сяргей ТАРАСАЎ

Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1998 "ВГ"