16. Калі распачалося суперніцтва паміж Вільняй і Масквою?


Геапалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы вызначыла характар іх узаемадачыненняў. Да першых канфліктаў паміж Вільняй і Масквою дайшло ў гады княжання Гедзіміна. Вялікае Княства прэтэндавала на лідэрства ва Ўсходняй Эўропе, на ролю збіральніка ўсходнеславянскіх земляў. Альгерд, падтрымліваючы Цвер, ажыццявіў тры паходы на Маскоўшчыну, даходзіў да самай Масквы; пад пратэктаратам Вітаўта знаходзіліся Ноўгарад Вялікі, Пскоў і Разань.

Ужо пасля таго як усе беларускія землі аб'ядналіся ў Вялікім Княстве Літоўскім, Маскоўская дзяржава, выбіўшыся пры падтрымцы залатаардынскіх ханаў у лік першых сярод княстваў Уладзіміра-Суздальскай Русі, пачала актыўна павялічваць свае землі за кошт іншых. Падбіваючы суседнія княствы, пад канец ХV стагоддзя яна ўсутыч падышла да ўсходніх межаў Вялікага Княства. І калі маскоўскі князь Іван ІІІ (1462-1505) назваўся «государем всея Руси», ён адкрыта выступіў з тэрытарыяльнымі дамаганнямі да Вільні: абвясціў сваёй вотчынай Полацак, Віцебск, Смаленск ды іншыя беларускія гарады. У 1492 годзе Маскоўская дзяржава парушыла «вечны мір» з Вялікім Княствам і развязала супраць яго вайну. Палітычная праграма так званага «ўз'яднання» спатрэбілася Маскве для апраўдання анексіі беларускіх і ўкраінскіх земляў.

З гэтага часу вызначальным фактарам гістарычных падзей ва Ўсходняй Эўропе было смяротнае проціборства Масквы і Вільні. Захопніцкія войны маскоўскіх уладароў сталі амаль бесперапыннымі: яны вяліся ў 1492-1494, 1500-1503, 1507-1508, 1512-1522 гадах і г.д. Вільня мусіла тады ўсе намаганні скіроўваць на абарону сваіх межаў. Лінія проціборства паміж Масквой і Вільняй з'яўлялася фактычна лініяй процістаяння розных палітычных сістэм, розных культурных цывілізацый, розных светаў - дэмакратычнага эўрапейскага і дэспатычнага ўсходняга.

Генадзь САГАНОВІЧ

Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1998 "ВГ"