4. Якія беларускія дзяржавы былі ў старажытнасці?


Элементы дзяржаўнай арганізаванасці на Беларусі існавалі задоўга да яе пісьмовай гісторыі. З VІ стагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым на большую частку нашага краю пачынае пранікаць славянскае насельніцтва. Яго змешванне з мясцовымі балцкімі плямёнамі вяло да фармавання старабеларускага этнасу і своеасаблівай культуры, якую археолагі называюць Банцараўскай (паводле наймення гарадзішча каля вёскі Банцараўшчына пад Менскам). Ёсць шэраг сведчанняў, што нашы продкі ўжо тады мелі пэўныя формы дзяржаўнасці. Пазней, з VІІІ стагоддзя, з новай хваляй славянізацыі Беларусі, з фармаваннем крывіцкага, драгавіцкага і радзіміцкага плямёнавых саюзаў узнікаюць і дзяржавы. З Х стагоддзя на Беларусі найбольш вядомыя - Полацкае, Смаленскае і Тураўскае княствы. Апошнія неўзабаве трапілі ў залежнасць ад Кіева. Полацкае ж княства было цалкам самастойнай старабеларускай дзяржавай, з усімі адпаведнымі атрыбутамі - суверэннай уладай князя і веча, адміністрацыяй, сталіцай, войскам, грашовай сістэмай і г.д. Княства праводзіла і сваю геапалітыку, якая палягала на супрацьстаянні агрэсіі Кіева і ўласнай экспансіі ў бок Балтыйскага мора. Падначаленне Полаччыне цэлага шэрагу прыбалтыйскіх плямёнаў надавала ёй адзнакі імперыі.

Міхась ЧАРНЯЎСКІ

Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"