6. Калі прыйшло на Беларусь хрысціянства?


Першыя хрысціянскія місіянеры з'явіліся на Беларусі, відаць, яшчэ ў ІХ стагоддзі. Іх станавілася тым больш, чым хутчэй прымалі веру Хрыстову суседнія эўрапейскія народы. Адным з такіх місіянераў быў ісляндзец Торвальд Вандроўнік, які ў Х стагоддзі прапаведаваў хрысціянскія ідэі ў Полацку і пазней быў пахаваны тут у заснаваным манастыры Іаана Хрысціцеля.

Хрысціянамі былі нашы славутыя валадары: княгіня Рагнеда (у манастве Анастасія), яе сын Ізяслаў і ўсе наступныя полацкія князі. Хрысціянства ішло на Беларусь як з Захаду (з Рыма), так і з Усходу (з Канстанцінопаля), хоць да сярэдзіны ХІ стагоддзя істотнай розніцы паміж гэтымі дзвюма плынямі не было.

Каля 992 года была заснаваная Полацкая епархія (у далейшым праваслаўная), на пачатку ХІ стагоддзя - тураўская (каталіцкая). Першы полацкі епіскап, пра якога згадвае летапіс, быў Міна (1104 год). Але, пэўна ж, былі святары і да яго, у тыя часы, калі полацкі князь Усяслаў Чарадзей збудаваў у нашай старажытнай сталіцы бажніцу Святой Сафіі (1055 год).

Хрысціянства на Беларусь прыйшло ў тым жа часе, як і ў многія іншыя краіны Эўропы (Данію, Швецыю, Нарвегію, Польшчу, Харватыю). Панавальнай жа рэлігіяй яно зрабілася толькі ў канцы ХІІ-ХІІІ стагоддзі, бо сутыкнулася на Беларусі з моцнымі паганскімі (язычніцкімі) традыцыямі. Тысячагадовае суіснаванне ў нас паганства і хрысціянства сталася падставаю для верацярплівасці, талерантнасці нашага народа да розных рэлігіяў.

Сяргей ТАРАСАЎ

Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"