АЛЕСЬ САВІЦКІ
ЗМАГАР ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ


Надвячоркам 9 сакавіка 1909 году праз вёску Красная, што ў 10 кіламетрах ад Гомеля, прашыбавала рота салдат. Разьвязалася ў ланцугі і, то зьнікаючы ў клубах вячэрняга туману, то выплываючы з яго, пачала акружаць невялікую пуню, непадалёку ад узлеску.

- Дзікая дывізія, - пранеслася сярод вяскоўцаў, зьбіраючых з пашы жывёлу. І, раптам, заглушаючы бразгат варот, ля пуні ўдарылі стрэлы. Спачатку чуліся залпы, потым бязладная страляніна. У прамежках вінтовачнай страляніны былі чутны адрывістыя рэвальверныя стрэлы.

Так пачаўся апошні дзень жыцьця Алеся Савіцкага, нашчадка ваяра паўстаньня Кастуся Каліноўскага, чалавека, чыё імя на працягу чатырох гадоў было прычынаю шматлікіх клопатаў і галаўным болем чыноўнікаў і ўраднікаў Усходняй Беларусі, Дзяржаўнай Думы Расеі і нават самога цара Мікалая ІІ.

Гэта дзеля яго сьпецыяльнае паседжаньне думы прыняло зварот-ультыматум да цара: «... Когда царь соблагоизволит утихомирить белорусского Зелим-хана» (Легендарны разбойнік Усходу). А было «Зелім- хану» 21 год ад роду. Бацька яго, ратуючыся ад мураўёўскіх вешальнікаў, пераехаў з Віленшчыны ў Полацк, дзе пасьля дамашняй адукацыі Алесь і стаў навучэнцам рэальнага вучылішча. Да 1905 году вобраз Каліноўскага, яго славуты пароль: «Каго любіш? - Люблю Беларусь» - былі хатняй хрэстаматыяй, што натхняла душу таленавітага юнака.

У 17 год ён валодаў, акрамя беларускай мовы з усімі яе дыялектамі, французкай, польскай, яўрэйскай, расейскай і ўкраінскай, напісаў паему «Фея вясны», маляваў карціны. Але галоўным быў акцёрскі талент. Пераўвасобіцца ў царскага ўрадніка, польскага шляхціца, яўрэя-гандляра, селяніна ці бабулю было для яго звычайнай забавай.

Грымнуў 1905. Заклік Каліноўскага з-пад шыбеніцы ўвасобіўся ў падпалы маёнткаў, баі з карнікамі, дэманстрацыі і студэнцкія хваляваньні. З усёй няўрымсьлівасьцю маладой душы кідаецца Алесь у вір рэвалюцыйных падзей. Вось ён у шэрагу менскіх дэманстрантаў трапляе пад Курлоўскі расстрэл, 80 забітых, 300 параненых. Кулі і лапы жандармаў мінулі Савіцкага, і вось ён рыхтуе напад на Магілеўскую турму, стварае ў Чарнігаве рабочы клуб. Рэвалюцыя церпіць параженьне, шматлікія правадыры паўстаньня, у тым ліку і Ленін, хуценька знаходзяць для сябе ціхія мясьціны ў Эўропе, Амерыцы, пакінуўшы збройны люд на кулі і шыбеніцы. Вызначае свой шлях і Алесь Савіцкі. Гэта - шлях узброенай барацьбы. Няма надзеі на ўсеагульнае паўстаньне, але хтосьці павінен абараняць і падтрымліваць надзею на надыход новых дзён для беларускага люду. І нечакана перад карнікамі і жандармамі зьяўляецца прывід: двухсоценны атрад паўстанцаў, які, то зьбіраючыся ў купу, то рассейваючыся на дробныя групы, вяршыць суд і права ад Менска да Воршы, ад Полацка да Чарнігава. Яшчэ няма ў жандармскіх паперах прозьвішча кіраўніка атраду, яго прыкмет, а народ любоўна кліча іх - савічане. Атрад выдатна ўзброены і абучаны, скаваны жалезнай дысцыплінай і сяброўскай адданасьцю. Кожны паўстанец уласнай крывёю падпісвае статут атраду: «...Усе за аднаго... Ніколі не здавацца ў палон... Калі нехта трапіў - усім загінуць, а выручыць... Ніколі не выдаваць сяброў і свайго сапраўднага прозьвішча... Ісьці на шыбеніцу са зьнявагай да ворага... Ніколі ня ліць задарма кроў...»

Прыдаўленыя карнікамі беларусы пачалі распрамляцца. Зьявіўся рыцар, які ніколі не дараваў зьдзекі над народам, здраду. Нападаў на маёнткі і банкі, а здабытак шчырай рукой раздаваў бедным сялянам, беспрацоўным, пагарэльцам, нядоімшчыкам, бясконным. Да жорсткіх прыгнятальнікаў пісаліся лісты і варта было не паслухацца, як помста не прымушала сябе доўга чакаць. Амаль трэцяя частка сродкаў ішла на вывучку паўстанцаў. Самую разнастайную: стральба з адной і абедзьвюх рук, днём і ўначы, на гук і сьвятло. Акрамя ваеннай вывучкі - кансьпірацыя і грым. У якасьці настаўнікаў наймаліся адстаўныя царскія афіцеры, грымёры, мастакі. Існавала свая, асобная ваенная тактыка савічан, якая ніколі больш не паўтаралася. На невялікія атрады карнікаў нападалі з вялікім гамам і шалёнай стралянінай, ставячы мэтай не зьнішчыць, а прагнаць. Калі сутыкаліся з буйным атрадам і шанцаў на перамогу не было, атрад зьнікаў: імгненна разьбіваўся на дробныя групы з заданьнем у кароткі час апынуцца ад месца сутычкі ня менш чым на 50 кіламетраў. У дарозе групы дробніліся, і магутная «длань рускага цара» бездапаможна лавіла паветра. З амвонаў яго пракліналі вернападданыя сьвятары, а пад саламянымі стрэхамі за яго маліліся беларускія людзі. І, відаць, саламяныя малітвы былі бліжей да Бога, бо нават адкідваючы шматлікія легенды, што дайшлі да сёньняшняга часу, многае з дзеяньняў Савіцкага нагадвала паданьні рыцарскіх часоў. Разагнаўшы мясцовы атрад стражнікаў, савічане ніколі ня кідалі забітых і параненых ворагаў. Загінуўшыя аддаваліся зямлі, параненыя атрымлівалі медыцынскую і грашовую(?) дапамогу. Калі ж успомніць статут «Ніколі ня ліць задарма кроў», то ня дзіўна, што на трэцім годзе гэтай незвычайнай вайны мясцовыя атрады адмовіліся выступаць супраць савічан.

Асабліва папулярным імя Савіцкага стала сярод вучнёўскай моладзі. Арганізацыі савічан узьнікалі як грыбы і, ня ведаючы асноў кансьпірацыі, траплялі ў лапы расейскіх жандармаў. Узамен узьнікалі новыя. І было ад чаго, бо толькі вядомыя, без легенд прыгоды Савіцкага ўражвалі маладыя душы.

...У доме вядомага віцебскага магната зьбіраюцца на нараду кіраўнікі карных атрадаў. Пасьля - баль... Увагу маладых паненак прыцягваў бравы ротмістар. Яго веданьне тактыкі і прыёмаў савічан уразілі нават сівавусага палкоўніка.

- З такімі малайцамі мы праз два тыдні зловім самога Савіцкага.

І сапраўды, праз два тыдні, атрымаўшы зьвесткі, што на Гомельскім кірмашы Савіцкі адзяляе сялян, дзьве роты акружылі кірмаш. Ніхто з сялян ня ўзяўся паказаць Савіцкага. Урэшце знайшлася сквапная старая бабуля. З вазоў на яе плявалі, шпурлялі гнілой гароднінай. Савіцкага не знайшлі, але бабулі ўсё роўна насыпалі целыя прыгаршні медзякоў.

На Палесьсе, дзе часта зьяўляліся атрады Савіцкага, прыехаў шэф жандармаў у суправадженьні генерала і чыноўнікаў. У размовах з палешукамі ім дапамагаў мясцовы архірэй, красамоўны малады чалавек. У канцы паездкі шэф жандармаў, генерал і чыноўнік сталі пад бласлаўленьне архірэя.

Якім быў канфуз у Пецярбургу, калі высьветлілася, што і бравы ротмістр, і старая бабуля, і набожны архірэй аказаліся адной асобай - Алесем Савіцкім. Разгневаны Мікалай ІІ загадвае выдзяліць 1000 рублёў узнагароды таму, хто дапаможа злавіць альбо зьнішчыць Савіцкага ці хаця б навядзе на сховішча паўстанцаў. Для таго часу гэта была вялізарная сума. Дастаткова ўзгадаць, што Леніну і Крупскай у Шушанскай ссылцы 12 рублёў з царскай казны, дарэчы, хапала на год бязбеднага існаваньня і, нават, утрыманьня прыслугі. Але ахвотнікаў на царскія срэбранікі не знаходзіцца.

А барацьба шырыцца. Ужо ня толькі ў вёсках і мястэчках, нават у гарадах Беларусі становіцца няўтульна расейскім ураднікам і карным атрадам. Самадзержца «Вялікія, Малыя і Белыя Русі» хвалюе ня толькі паўстанцкая дзейнасьць Алеся Савіцкага. Больш небясьпечнымі здаюцца яго выказваньні: «...Беларус - гаспадар на сваёй зямлі», «Ня Сібір - Беларусь наша Радзіма», «У Расеі свой парадак - беларусу патрэбен свой»...

Калі ўлічыць: пачатак дваццатага стагоддзя - пачатак дзейнасьці Янкі Купалы, Элаізы Пашкевіч, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Аляксандра Уласава і соцень іншых прыхільнікаў ідэі незалежнай Беларусі, ня цяжка зразумець: прывід нацыянальна-вызвольнага руху часоў Каліноўскага лунаў перад Мікалаем ІІ і яго саноўнікамі. Нават дваранства Паўночна-Заходняга края, верная апора цара, пачынае выходзіць з-пад уплыву вялікарускай дзяржаўнасьці. У час перапісу насельніцтва 43,3% дваран краю называе роднай ня рускую, нават ня «великорусское наречие», а беларускую мову. А гэта 65 тысяч дваранскіх асоб. Ідэя незалежнасьці альбо аўтаноміі Беларусі пачынае вылучацца і ... - у самой Дзяржаўнай Думе Расеі!

З асноўных дэпутатаў у Думе ствараецца беларуская суполка (!), куды ўваходзяць дваране Скірмундт, Лядніцкі, Масоніус, Янавецкі, віленскі епіскап Рап, ксёндз Сангайла, князь Іеранім Друцкі-Любецкі, шмат іншых. На паседжаньні Думы Друцкі-Любецкі заяўляе: «...Жыхарства Паўночна-Заходняга края... заве гэтую землю сваёй зямлёю... уся тэрыторыя краю павінна належыць жыхарству, якое на ёй жыве...»

Калі так загаварылі князі і княгіні (Магдалена Радзівіл), дык чаго чакаць ад інтэлігенцыі, мяшчанства, сялян, работнікаў.

А тут, як хлуд у царскай «длані», Алесь Савіцкі са сваімі савічанамі. У кожным сяле і горадзе ў іх сябры, падтрымка, спачуваньне.

А Дума шле бясконцыя запыты, калі цар «утихомирит»...

І расейскі ўрад ідзе на бяспрыкладны ў мірны час крок: з Каўказу на ловы Савіцкага перакідваецца Дзікая дывізія. Разам з мясцовымі карнымі атрадамі такая сіла ў час войнаў вырашала лёс франтоў. Любыя зьвесткі аб савічанах шчодра ўзнагароджваюцца. Аблавы ідуць за аблавамі, а посьпехаў няма. Быў, напаў, папярэдзіў... і зьнік! Дзе, куды - невядома!

Наступіў красавік 1909 году. З зацяжной вясной, даждлівы і халодны. Ва ўсіх буйных мястэчках, на крыжавых дарогах стаяць гарнізоны карнікаў, падразьдзяленьні Дзікай дывізіі.

І буйная галава Алеся распрацоўвае план, што склаў бы гонар і вопытнаму ваяру - напад на горад Гомель. Хай цар бароніць ня толькі мястэчкі! Вызначаюцца чатыры аб'екты нападу: турма, банк, управа, казармы. У непралазных балотах ствараюцца базы, вызначаюцца шляхі падыходаў і адыходу. Апошні трохдзённы пошук быў надзвычай цяжкім і небясьпечным. Да таго ж, самога Савіцкага зваліў жорсткі прыступ малярыі. Зьнясіленага кіраўніка таварышы занесьлі ў пуню на ўскрайку вёскі Краснае. Апошні загад - з ім застаюцца два чалавекі, астатнія выконваюць заданьне далей.

Калі з харчам у пуні было яшчэ зносна, то дзікі холад даймаў неймаверна. Распрануўшыся амаль да ніткі, ухутвалі дрыготкае цела хворага Алеся.

Урэшце адзін з паўстанцаў не вытрымаў: «Так мы яго не ўратуем, патрэбны лекі, ці хаця б гарачае малако!»

Да Гомеля, дзе можна знайсьці і лекі, і лекара, - 10 кіламетраў. Але малако - яно тут, за кожнымі варотамі. На гэтым пагадзіліся, парушыўшы няўмольны загад Савіцкага - на прывалах пазьбягаць любых кантактаў.

Вандроўнікі за малаком трапілі на нядобрае вока і, урэшце рэшт, царскія срэбранікі знайшлі свайго Юду.

Але, зрабіўшы адну памылку, паўстанцы не зрабілі другой: варта ля пуні неслася няспынна і бездакорна.

Упеўненыя ў нечаканасьці нападу, карнікі згрупаваліся вакол пуні, грымнулі залпам і рынуліся на дзьверы. Рынуліся... і трапілі пад агонь чатырох рэвальвераў. Адхіснуліся, ударылі агнём, рынуліся зноў. Цяпер шэсьць рэвальвераў грымнулі ў адказ. Пасьля дзьверы крыху расчыніліся і вёрткі, як зьмей, паўстанец Калугін сьлізгануў у ноч, вярнуўшыся з дзьвюмя стрэльбамі і двума паўнюткімі патранташамі.

Напад падзейнічаў на Савіцкага лепш, чым гарачае малако. Прыўзьняўшыся на локаць, адразу стрэліў у дзьверы, потым устаў, крыху пахістаўся і больш ужо не хістаўся ўсю гэтую страшную ноч. Пасьля былі прапановы здацца, шалёны абстрэл, спробы запаліць будыніну. Прыхапіўшы стрэльбы, Калугін улез на гарышча, разабраў дах. Стала лягчэй. Цяпер і сярод салдат пачалі пасьвістваць кулі. І ня толькі пасьвістваць. Ухапіўся за параненае плячо капітан карнікаў. І, чырванеючы ад сораму, выклікаў дапамогу.

Пачало сьвітаць. Вось-вось павінна зьявіцца сонца. Заўважыўшы новыя шэрагі салдат, Савіцкі загадаў спыніць агонь, спынілі страляніну і салдаты. Бледны, са спаленымі жарам вуснамі ён і цяпер быў спакойны і цьвёрды. Нават усьміхнуўся, кінуўшы ў бок салдат: «Праз пяць хвілін пачнуць радзіцца. Тады - на прарыў».

Раптоўна расчыніліся дзьверы і трое паўстанцаў, страляючы з усіх рук, рвануліся да лесу. Вылазка аказалася такой нечаканай, што ледзьве не хвіліну з боку салдат ня чулася ніводнага стрэлу. І амаль прабіліся, амаль выратаваліся, калі, бегшы апошнім, Калугін голасна застагнаў і грымнуўся вобзем. Без адзінага слова Савіцкі кінуўся назад, узьняў таварыша на рукі, ступіў некалькі крокаў і ціха, быццам аберагаючы, апусьціўся з ім на зямлю, зрашочаны дзесяткамі куль азьвярэлай ад супраціву салдатні.

Вярнуўся і трэці ўцякач.

Заліты сьлязьмі і крывёю, стаўшы над целамі сяброў, ён страляў і страляў, пакуль сам ня лёг побач, лагодзячы маладымі тварамі такую любую і такую пякельную беларускую зямлю!

Узыходзіла сонца.


ПАСЬЛЯСЛОЎЕ:

Ёсьць у гарадах і мястэчках Беларусі шмат вуліц імя Кнорыньша, Ландара, Мясьнікяна і іншых бальшавіцкіх дзеячоў, што разганялі Першы Усебеларускі Кангрэс, адмаўлялі ня толькі дзяржаўнасьць, але і само існаваньне беларускага народу. Ёсьць вуліцы імя Панамарэнкі, што асабіста прасіў у Сталіна дазволу зьнішчыць Янку Купалу, Кузьму Чорнага, Кандрата Крапіву... Тады Сталін не дазволіў, але і пярэчыў ня надта. І выпаў Купала ў лесьвічны пралёт маскоўскага дому, і нечакана памёр Кузьма Чорны.

Надзвычай рэдка сустракаюцца вуліцы імя Кастуся Каліноўскага і ніводнай - імя Алеся Савіцкага.

Ні ва ўчарашняй, ні ў сёньняшняй Беларусі не прыйшоў час для гэтых імёнаў. Але абавязкова прыйдзе!

Пятро МАЛАФЕЙ

Крыніца:
газэта «Пагоня»
Nо.13(160), 29.03.1996


Гэта старонка зьяўляецца часткай "Віртуальнага гіда па Беларусі"
- сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997-2004 "ВГ"

  This file is part of The Virtual Guide to Belarus