10. Хто такі Кірыла Тураўскі?


Кірыла Тураўскі нарадзіўся на пачатку ХІІ стагоддзя ў Тураве - адным з найбуйнейшых культурных цэнтраў старажытнай Беларусі - у заможнай сям'і. Дасягнуўшы паўналецця, аддаліўся ў адзін з тураўскіх манастыроў, відаць святога Міколы, і неўзабаве стаў яго парафіяльным святаром. Здольны да кніжнай справы, ён гэтым часам пачаў пісаць малітвы (цыкл на ўсю сядміцу) і творы пра манаства («Слова ўказанне, адкуль жыццё ў людзях бязжэннае», «Аб чыне чарнарызца»). Калі ў 1148 годзе кіеўскім мітрапалітам стаў Клім Смаляціч - ідэйны апанент Кірылы і прыхільнік самастойнасці кіеўскай мітраполіі, Кірыла вымушаны быў пакінуць манастыр; у гэты час ён замыкаецца ў манастырскай вежы - «стаўпе», робячы подзвіг стаўпніцтва.

Пасля таго як Клім склаў абавязкі мітрапаліта, тураўскія месцічы і князь Юрый запрашаюць Кірылу на епіскапскую кафедру. У гэты перыяд Кірыла напісаў шэраг пропаведзяў на святы Велікоднага і Пяцідзесятнага цыклаў, а таксама іншыя казанні на хрысціянска-этычныя тэмы, асуджаючы язычніцтва. У канцы 60-х гадоў Кірыла выступіў супраць «смуты» суздальскага ігумена, «ератыка» (арыяніна) Фядорца. Магчыма, да гэтага часу належыць ягоная прыпавесць «Пра душу і цела», а таксама «Слова на Сабор 318 святых айцоў».

На схіле веку Кірыла пакінуў епіскапскую кафедру і пайшоў у Барысаглебскі манастыр, дзе працягваў літаратурную дзейнасць. Там ён напісаў пасланні да кіева-пячорскага ігумена Васіля. Памёр ён пасля 1184 года.

Хаця пра Тураўскага Залатаслова (як называлі яго сучаснікі) нам вядома няшмат, затое да нас дайшла амаль неверагодная для аўтара ХІІ стагоддзя колькасць ягоных твораў - пропаведзяў, прыпавесцяў, малітваў, павучанняў, канонаў. Яны адлюстроўваюць натуральнае чалавечае захапленне хараством прыроды, вызначаюцца багатай паэтычнай вобразнасцю, узнёсласцю. Вялікі гуманіст старажытнасці Кірыла Тураўскі - сімвал таленту нашага народа, яркае сведчанне глыбіні каранёў нашае культуры.

Аляксей МЕЛЬНІКАЎ

Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"