9. Хто такая Еўфрасіння Полацкая? |
Еўфрасіння Полацкая - наша святая, якую здаўна шануюць як нябесную заступніцу беларускае зямлі. Вечную памяць і любоў народа яна заслужыла сваім ахвярным жыццём, прысвечаным асвеце нашых продкаў.
Яна прыйшла на свет на пачатку ХІІ стагоддзя ў Полацку, у сям'і князя Святаслава-Георгія і даводзілася ўнучкай найславуцейшаму з полацкіх валадароў - Усяславу Чарадзею. Дзяўчынку назвалі старажытным полацкім імем Прадслава. Слава пра розум і прыгажосць полацкай князёўны разнеслася далёка па славянскіх землях. Калі Прадславе споўнілася дванаццаць гадоў (у такім веку дзяўчынка ўжо лічылася тады нявестаю), у Полацак зачасцілі сваты. Бацькі меркавалі выдаць князёўну замуж за сына нейкага слаўнага сваім багаццем і княжаннем уладара. Аднак Прадслава абрала сабе іншы шлях: вырашыўшы стаць Хрыстовай нявестаю, яна прыйшла ў манастыр і прыняла пострыг пад імем Еўфрасінні.
Спачатку маладая манашка пасялілася ў келлі Сафійскага сабора. Тут яна перапісвала і перакладала з іншых моваў кнігі і, як лічаць некаторыя гісторыкі, вяла Полацкі летапіс. Праз колькі гадоў духоўнага ўдасканалення яна заснавала ў Полацку жаночы, а затым і мужчынскі манастыры. Пры іх Еўфрасіння адчыніла скрыпторыі - майстэрні па перапісванні кніг, а таксама школы, у якіх дзеці авалодвалі граматай, вывучалі гісторыю, грэцкую і лацінскую мовы, спасцігалі навуку красамоўства.
Асветніца збірала вакол сябе таленавітых людзей, і таму яе можна назваць нашай першай мецэнаткаю. На яе заказ полацкі дойлід Іаан пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса, а ювелір Богша (хрысціянскае імя Лазар) стварыў крыж - бясцэнную святыню беларусаў.
Унучка Усяслава Чарадзея ўздымала свой голас супраць княжацкіх міжусобіц, папярэджвала, што братазабойчыя войны могуць прывесці Бацькаўшчыну да гібелі. Прыклад асветніцы натхняў яе землякоў і наступнікаў Францішка Скарыну, Васіля Цяпінскага, Сымона Полацкага...
Мошчы святой Еўфрасінні спачываюць у Спасаўскай царкве полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Дзень памяці нябеснай заступніцы Беларусі святкуецца 23 траўня (5 чэрвеня паводле новага стылю).
Уладзімір АРЛОЎ
Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993
Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў
з розных краін сьвету
© 1997 "ВГ"