18. Хто такі Альгерд?


Альгерд, сын Гедзіміна, у юнацтве ажаніўся з дачкою віцебскага князя Марыяй Яраслаўнай і два гады пражыў у горадзе Ўсвяты, а пасля, да 1345 года, у Віцебску. З дапамогаю брата Кейстута, троцкага князя, Альгерд скінуў з велікакняскага пасада Яўнута і сам стаў вялікім князем.

У часе ягонага валадарання да Вялікага Княства Літоўскага былі далучаныя Амсціслаўская, Чарнігаўская, Кіеўская, Падольская, Ноўгарад-Северская, Бранская землі. На гэтыя часы прыпадае і пік крыжацкіх паходаў на беларускую дзяржаву. З дапамогай Альгерда ў 1342 годзе Пскоў адбіў крыжацкі набег. Акрамя таго, яшчэ двойчы, у 1348 і 1370 гадах, Альгерд разбіваў крыжакоў на рэках Строве і Рудаве. Адначасова ён паспяхова змагаецца з Польшчай і Ўадзімірскім княствам. Беларускія воі пад Альгердавым кіраўніцтвам даходзілі да Масквы. Яны тройчы разбівалі маскоўскае войска - у 1368, 1370 і 1372 гадах.

Пад час аднаго з паходаў, узяўшы з маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча (пазней названага Данскім) вялікі выкуп - як сведчыць летапіс, «дары многія, незлічона золата, серабра, жэмчугу, сабалёў», сказаў векапомныя словы: «Хоць я з табой і памірыўся, але хачу яшчэ тую славу сабе ўчыніць, што вялікі князь Альгерд дзіду сваю пад Масквою прыкланіў». І, сеўшы на каня, пад'ехаў да гарадской сцяны і прыставіў да яе дзіду, сімвалізуючы тым поўную перамогу.

Але найбольшага поспеху Альгерд дамогся ў вайне з татарамі. У бітве каля ракі Сінія Воды ў 1362 годзе беларускае войска разбіла орды падольскіх, крымскіх і дунайскіх татараў і вызваліла з-пад іх улады ўкраінскія землі.

Летапісы адзначалі, што гэты князь «не так сілаю, як розумам ваяваў». Вайсковыя і палітычныя заслугі Альгерда прызнавалі і крыжакі, і маскоўцы, і палякі, і татары. Жыццёвы шлях яго скончыўся ў 1377 годзе.

Вітаўт ЧАРОПКА

Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1998 "ВГ"