19. Хто такія тры віленскія пакутнікі?


У Вільні сярод Базыліянскіх муроў стаіць славутая Свята-Траецкая царква. Яна пабудаваная на тым месцы, дзе калісьці ў старажытнасці была дуброва і дзе ў сярэдзіне ХІV стагоддзя (у 1347 годзе) загінулі пакутніцкай смерцю за веру Хрыстову беларусы з дворскай дружыны князя Альгерда легендарныя святыя Антоній, Іаан, Яўстахій (паганскія імёны, якія яны мелі да хрышчэння, - Круглец, Няжыла і Кумец). У нішах франтону царквы - іх фрэскі-партрэты з выразам высокай духоўнай вартасці гэтых самаахвярных людзей.

У 1374 годзе часткі мошчаў віленскіх пакутнікаў былі перанесеныя ў вялікі кафедральны сабор Святой Сафіі ў Канстанцінопалі, дзе яны вельмі шанаваліся. Пазней пільнай увагай да віленскіх пакутнікаў Канстанцінопаль падкрэсліваў незалежнасць нашага праваслаўя ад маскоўскага. Насуперак намаганням дзяржаўна-царкоўных уладаў Маскоўшчыны Візантыя тым самым давала зразумець, што само паняцце праваслаўнай веры значна шырэйшае і больш універсальнае, чым інтарэсы царквы маскоўскай.

Шанаванне памяці трох віленскіх пакутнікаў дазваляе сённяшнім беларусам не забываць пра час і месца росквіту нашай дзяржаўнасці - старажытную Вільню, дзе дагэтуль у скляпеннях Свята-Духава манастыра захоўваюцца мошчы святых.

Мікола МАТРУНЧЫК

Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1998 "ВГ"