2. Калі на беларускай зямлі з'явіліся курганы? |
Курганы - гэта земляныя насыпы над старажытнымі магіламі памерлых, звычайна круглыя ў плане, пярэчнікам у сярэдзіне 5-10 метраў, вышынёй 1-2 метры. Сустракаюцца пераважна скапленнямі. На Беларусі яны з'явіліся на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да Нараджэння Хрыстова і былі вядомыя пераважна на Падняпроўі і Палессі. У другой палове 1-га тысячагоддзя і на пачатку 2-га тысячагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым пад кургановымі насыпамі хавала нябожчыкаў усё славянска-балцкае насельніцтва Беларусі. З умацаваннем хрысціянства звычай насыпання курганоў сярод гараджан знікае ў ХІ стагоддзі, у сельскай мясцовасці - у ХІІІ-ХІV стагоддзях. Паводле дахрысціянскіх веранняў курганы былі дамоўкамі памерлых. Нябожчыкам «на той свет» ставілі посуд з рытуальнай ежай, клалі прылады працы і зброю.
У народзе курганы часцей называюць капцамі або валатоўкамі. Часам іх памылкова лічаць татарскімі або французскімі ці шведскімі магіламі. Шмат якія паданні гавораць, што ў курганах схаваныя скарбы, але гэта не адпавядае сапраўднасці. Кургановых могільнікаў на Беларусі больш за 6 тысяч. Яны - неацэнныя помнікі археалогіі і таму ахоўваюцца дзяржавай. Іх разбурэнне караецца законам.
Міхась ЧАРНЯЎСКІ
Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993
Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў
з розных краін сьвету
© 1997 "ВГ"