20. Што такое Крэўская вунія?


Крэўская вунія (ад лацінскага unio - задзіночанне, аб'яднанне) - гэта пагадненне паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім Каралеўствам, ажыццёўленае ў 1385 годзе. Паводле ўмоваў Крэўскай вуніі, выгадных і для Беларускага гаспадарства, Польшча ўступала з ім у хаўрус, а яе гаспадаром абвяшчаўся наш вялікі князь.

Пайсці на гэта палякаў прымусілі цяжкія абставіны. Найперш - экспансія з боку немцаў, якія няспынна каланізавалі польскія тэрыторыі. Да сярэдзіны ХІV стагоддзя Польшча не толькі страціла Сілезію, Памор'е ды іншыя землі, была адрэзаная ад мора, але і стаяла перад небяспекай поўнага анямечання. Дый з боку моцнага Беларускага гаспадарства над Польшчай заўсёды вісела пагроза, пацвярджэнне чаму - пераможныя ваенныя паходы Альгерда ў 1376 годзе і Ягайлы (Якава) у 1383-1384 гадах.

Каб не страціць сваёй дзяржаўнасці і не загінуць цалкам, палякі і вымушаны былі пайсці на хаўрус з Вялікім Княствам. 14 жніўня 1385 года паслы з Польшчы прыехалі ў Крэва (цяпер мястэчка ў Смаргонскім раёне) - рэзідэнцыю нашага вялікага князя і папрасілі яго стаць іхным гаспадаром. Ягайла пагадзіўся. Ён ажаніўся з Ядзвігай і пераехаў у Польшчу, прызначыўшы сваім намеснікам у Вялікім Княстве Скіргайлу (Івана).

Варта зазначыць, што пазней, у ХV-ХVІІ стагоддзях, на падставе сфабрыкаванага палякамі дакумента, што выстаўляўся імі як арыгінал Крэўскага пагаднення, у гістарычнай літаратуры (напачатку, вядома, польскай) запанавала процілеглая думка - пра нібыта ўваходжанне Вялікага Княства ў склад Польшчы.

Сфальсіфікаваны тэкст абавязацельства Ягайлы нагадвае акт безагаворачнай капітуляцыі. Недарэчнасць яго відавочная: за гонар ажаніцца з Ядзвігай і насіць тытул караля Польшчы Ягайла нібыта абяцаў аддаць на патрэбы палякаў дзяржаўны скарб Вялікага Княства, заплаціць 200 тысяч фларынаў Вільгельму Аўстрыйскаму за адмову ад шлюбу з Ядзвігай (гэта сума, за якую тады можна было купіць цэлую дзяржаву!) і ўвогуле ліквідаваць Вялікае Княства, далучыўшы яго да Польшчы, і г.д.

Меркаванне пра тое, што вядомы акт Крэўскага пагаднення сфальсіфікаваны, пацвярджаецца далейшым ходам гісторыі. Так, у прывілеі Ягайлы, выдадзеным у 1387 годзе, гаворыцца пра поўную дзяржаўна-палітычную незалежнасць Беларускага гаспадарства. Дый у Востраўскім пагадненні 1392 года і Віленска-Радамскім акце 1401 года, падпісаных неўзабаве пасля Крэўскай вуніі, нічога не сказана пра інкарпарацыю Княства ў склад Польшчы.

Пазней, пад час Люблінскага Сойму 1569 года, нашы паслы шматразова ўказвалі на падробленасць вядомага акта Крэўскага пагаднення, які палякі скарыстоўвалі ў якасці «гістарычнага аргумента» для абгрунтавання сваіх захопніцкіх дамаганняў у пазнейшыя часы.

Язэп ЮХО

Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1998 "ВГ"