34. Што такое паны-рада? |
Паны-рада - гэта найвышейшы орган дзяржаўнага кіравання Вялікага Княства Літоўскага, які вырашаў галоўныя пытанні ўнутранай і замежнай палітыкі гаспадарства, адыгрываў значную ролю ў абранні вялікага князя, абароне дзяржавы, падрыхтоўцы законапраектаў.
У склад Рады ўваходзілі: ваяводы (кіраўнікі адміністрацыі тэрытарыяльных адзінак - ваяводстваў), кашталяны (каменданты замкаў і адначасова адміністратары зямельных уладанняў вялікага князя), маршалак земскі (старшыня на паседжаннях Рады і Сойму), маршалак дворны (начальнік шляхты, што служыла пры двары вялікага князя), найвышейшы гэтман (галоўны начальнік узброеных сілаў), канцлер (кіраўнік дзяржаўнай канцылярыі), земскі падскарбі (міністр фінансаў).
Сярод радных паноў былі магнаты са знакамітых вялікакняскіх родаў - Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Гаштаўтаў, Храптовічаў, Глінскіх, Глябовічаў, Гальшанскіх, Забярэзінскіх, Іллінічаў, Кязгайлаў, Кішак, Няміраў, Осцікаў, Астрожскіх, Пацаў, Солтанаў, Багавіцінавічаў.
З канца XВ стагоддзя роля Рады ў агульнадзяржаўным жыцці ўсё больш узрастала - з дарадчага органа пры гаспадары яна паступова ператварылася ў самастойны орган улады. Аб'яднаўшы свае намаганні, паны-рада з часам дамагліся абмежавання ўлады вялікага князя. Так, у 1492 годзе вялікі князь Аляксандр мусіў выдаць прывілей, які істотна абмежаваў ягоныя правы як ва ўнутраных, так і ў замежных справах: прынцыповыя пытанні дзяржаўнай палітыкі ён не меў права развязваць без згоды Рады.
На працягу ўсяго часу свайго існавання Рада мела выключна важнае значэнне ў палітычным, еканамічным і духоўным жыцці Вялікага Княства.
Павел Лойка
Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў
з розных краін сьвету
© 1997 "ВГ"