76. Чаму бальшавікі разагналі Першы Ўсебеларускі кангрэс?


Ва ўмовах сусветнай вайны патрыятычна настроеныя дзеячы склікалі 18 снежня 1917 года ў Менску Першы Усебеларускі кангрэс палітычных сіл. Сабраліся 1872 дэлегаты ад усіх рэгіёнаў Беларусі, усіх грамадскіх і палітычных арганізацый, у тым ліку пасланцы губернскіх земстваў, органаў мясцовага самакіравання, прафесійных саюзаў і кааператыўных таварыстваў. Былі там прадстаўнікі і бежанцаў, і тых, хто служыў у арміі ці на флоце, і хто жыў у Петраградзе або ў Маскве. Яны з ентузіязмам абмяркоўвалі найважнейшыя праблемы жыцця і лёсу Беларусі. А на нашай зямлі ў той час гаспадарылі бальшавікі, якімі кіравалі Мяснікян (Мяснікоў), Кнорыньш (Кнорын), Ландэр, Рэзаўскі ды іншыя прышельцы з розных куткоў Расейскай імперыі.

Бальшавіцкія кіраўнікі "Западной області" (так яны афіцыйна называлі Беларусь), пераканаўшыся, што ўдзельнікі кангрэса абмяркоўваюць толькі нацыянальныя праблемы жыцця беларускага народа і не збіраюцца падпарадкоўвацца іх дыктату, уначы з 30 на 31 снежня, выкарыстаўшы ваенную сілу, разагналі кангрэс. Ордэр на разгон падпісаў Ландэр. Кангрэс, аднак, паспеў стварыць Выканаўчы камітэт, які з гэтага часу кіраваў нацыянальна-вызваленчым рухам беларускага народа і падрыхтаваў абвяшчэнне ў сакавіку 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі і яе незалежнасці.

Уладзімір Казбярук

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"