81. Якія землі былі адабраныя ад БССР Масквой у 1919 годзе і не вернутыя дагэтуль?


Праз паўмесяца пасля абвяшчэння БССР, 16 студзеня 1919 года, ЦК РКП(б) з удзелам У.І.Леніна пастанавіў "выдзеліць" з БССР Смаленскую, Віцебскую і Магілеўскую губерні, далучыўшы іх да РСФСР, а на тэрыторыі Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губерняў утварыць Літоўска-Беларускую ССР. Такім чынам, БССР фактычна ліквідавалася. Анексія Смаленшчыны, Віцебшчыны і Магілеўшчыны была аформленая на пачатку 1919 года рашеннямі адпаведных губернскіх з'ездаў Саветаў. Пагадзіўся з ёю пад націскам бальшавікоў і І Усебеларускі з'езд Саветаў, які адбыўся на пачатку лютага 1919 года ў Менску. У ліпені 1920 года БССР была абвешчана бальшавікамі другі раз, але толькі ў межах 6 паветаў былой Менскай губерні агульнай плошчай 52,4 тыс.кв.км.

"Далі шесць паветаў... Ну, дзякуй за гэта," - засталіся з таго часу ў памяці людзей словы Янкі Купалы.

На пачатку 20-х гадоў уся ўсходняя Беларусь заставалася ў складзе РСФСР. Толькі ў сакавіку 1924 года ў адказ на настойлівыя патрабаванні ўрада БССР Усерасійскі ЦВК прыняў пастанову аб перадачы Беларусі шерагу паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў (Полацкага, Віцебскага, Гарадоцкага, Магілеўскага, Горацкага, Рагачоўскага, Быхаўскага, Клімавіцкага, Чавускага, паловы Амсціслаўскага). У снежні 1926 года да БССР былі далучаныя Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Аднак і пасля гэтага ў складзе РСФСР засталіся значныя тэрыторыі Віцебшчыны, Смаленшчыны і Браншчыны з беларускім насельніцтвам. Не вернутыя яны Беларусі да сённяшняга дня.

Міхась Біч

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"