8. У якім часе Полацкае княства дасягнула найбольшае велічы? |
Часам найвышэйшага ўздыму Полацкага княства сталася ХІ стагоддзе, калі на чале дзяржавы быў князь Усяслаў Чарадзей (валадарыў з 1044 да 1101 года). Трывалы падмурак гэтага росквіту быў закладзены ягоным бацькам - Брачыславам, які перадаў у спадчыну сыну моцную дзяржаву, што здолела выстаяць у нялёгкім змаганні з Кіевам. Шмат высілкаў прыклаў Усяслаў, каб уладкаваць сваю Бацькаўшчыну. Імпэту князя дзівіліся сучаснікі і нашчадкі. У сваёй сталіцы - Полацку ён пабудаваў новы магутны замак, велічны Сафійскі сабор. У часе княжання Усяслава квітнелі рамёствы і гандаль.
Полацкае княства было марской дзяржавай: пад яго кантролем знаходзіліся землі ўздоўж усёй Дзвіны да Варажскага (Балтыйскага) мора. Тут паўсталі гарады Герсіка і Кукенойс (зараз на тэрыторыі Латвіі) - фарпосты Полацка на шляху да Балтыкі. Полацкая дзяржава была адным з вялікіх і магутных гаспадарстваў ранне-сярэднявечнай Эўропы побач з Польскім каралеўствам, Скандынаўскімі і Ноўгарадскім княствамі.
Усяслава як удалага і таленавітага ваяра паважалі і баяліся суседзі. У славутай рыцарскай песні «Слова пра паход Ігараў» пра яго сказана: «Усяслаў-князь людзям чыніў суды, радзіў князям гарады, а сам уначы ваўком рыскаў, з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў». Нейкі час Усяслаў з волі простых людзей быў нават кіеўскім князем. Але неўзабаве пакінуў гэты пасад, каб вярнуцца ў Полацак.
Народ лічыў Чарадзея за ваўкалака-пярэваратня. Не толькі таму, што той дзіўным чынам мог схавацца ад ворага і нечакана напасці на яго (як, напрыклад, на Нямізе пад Менскам 3 сакавіка 1067 года), але і таму, што прыязна ставіўся да паганства-язычніцтва. Усяслаў будаваў хрысціянскія бажніцы, але не вынішчаў і паганскіх. Князь шукаў згоду ў веравызнаннях, а праз іх - адзінства народа і дзяржавы. Шматлікія ваенныя паходы Чарадзея на Ноўгарад, Пскоў, Смаленск і г.д. займаюць усяго 18 гадоў з яго амаль 72-гадовага жыцця. Ён прысвяціў сябе не разбурэнню, а стварэнню - умацаванню першай беларускай дзяржавы.
Сяргей ТАРАСАЎ
Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993
Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў
з розных краін сьвету
© 1997 "ВГ"