90. Якіх славутых людзей дала свету Беларусь? |
Беларуская зямля нарадзіла шераг выдатных дзеячаў, якія праславіліся далёка за яе межамі. Гэта Казімір Семяновіч, вынаходнік шматступеневай ракеты, і Якуб Наркевіч-Ёдка, адкрывальнік електраграфіі і бяздротавай перадачы електрычных сігналаў; Ігнат Дамейка, народны герой Чылі, даследчык яе прыродных багаццяў, заснавальнік універсітэта ў Сант-Яга, і Герман Мінкоўскі, выдатны нямецкі матэматык і фізік; Аляксандр Кавалеўскі, які даказаў евалюцыйнае адзінства хрыбетных і бесхрыбтовых жывёлаў, бліскуча пацвердзіўшы гэтым тэорыю Ч.Дарвіна, і ягоны брат Уладзімір Кавалеўскі, заснавальнік евалюцыйнай палеанталогіі; Бенядзікт Дыбоўскі, які ўпершыню апісаў жывёльны свет Байкала, Амура, Камчаткі, і Ян Чэрскі, геолаг, даследчык Усходняй Сібіры, імем якога названая горная сістэма ("хрыбет Чэрскага"), Зыгмунт Мінейка, нацыянальны герой Грэцыі, удзельнік барацьбы супраць турэцкіх захопнікаў, і Мікалай Судзілоўскі, прэзідэнт сената Гавайскіх астравоў; Леў Арцімовіч, выдатны вучоны ў галіне кіраванага тэрмаядзернага сінтэзу, і Аляксандр Чыжеўскі, заснавальнік геліябіялогіі; Аляксандр Маліноўскі, які сваёй працай стварыў падмурак новай навукі - кібернетыкі, і Оскар Мілаш, французскі і літоўскі пісьменнік.
Са старадаўніх беларускіх родаў паходзяць і такія вядомыя ўсяму свету людзі, як матэматык Соф'я Кавалеўская (Корвін-Крукоўская), падарожнік Мікалай Пржевальскі (Перавальскі), пает Гіём Апалінер (Кастравіцкі), кампазітар Дзмітры Шастаковіч, авіяканструктар Павел Сухі.
Эрнест Ялугін
Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў
з розных краін сьвету
© 1997 "ВГ"