88. Што такое СПБ? |
Гэта Саюз Беларускіх Патрыётаў, што ўзнік на пачатку 1946 года пераважна на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі як стыхійны пратэст нацыянальна сведамай моладзі супраць гвалтоўнай русіфікацыі і разбурэння беларускай культуры і мовы бальшавікамі. На пачатку лета 1946 года з'явілася падпольная патрыятычная арганізацыя ў Слоніме з канспірацыйнай назвай "Чайка", заснавалі якую маладыя настаўнікі, учарашнія школьнікі. Падобныя групоўкі і арганізацыі ў тым часе ствараюцца ў Баранавічах, Берасці, Глыбокім, Наваградку, Паставах, Жыровічах і іншых гарадах. На стадыі арганізацыйнага афармлення знаходзяцца суполкі студэнцтва ў Менску і Гародні. Улетку 1946 года асобныя групы з Баранавічаў, Слоніма, Наваградка змаглі аб'яднацца і стварыць Центр Беларускага Вызваленчага Руху. У яго склад увайшлі Агейка, Аляксандр Барэйка, Мікола Макарэвіч, Ракевіч, Васіль Супрун (кіраўнік). Пад канец лета 1947 года рух перакінуўся на Маладзечанскую і Пінскую вобласці. Узніклі абласныя структуры кіравання. Іх узначалілі: Аляксандр Барэйка (Баранавіцкая вобласць), Мікола Макарэвіч (Берасцейская), Сяргей Яноўскі (Маладзечанская), Мікола Ляскавец (Пінская). Назву пры далейшым аб'яднанні суполак прынялі - Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП).
Мэты, якія ставіў перад сабой СБП, былі абарона нацыянальных правоў і свабод, дасягненне дабрабыту насельніцтва, захаванне і развіццё беларускай культуры і мовы, і ўрэшце - пабудова суверэннай, незалежнай Беларусі. Палітычны накірунак руху - сацыял-дэмакратыя. Сродкі дзейнасці - агітацыя і прапаганда пераважна ў асяроддзі моладзі з мэтай абудження і развіцця сацыяльнай свядомасці і нацыянальнай годнасці народа.
З дапамогай правакатараў узімку 1947 года СБП быў разгромлены органамі савецкай дзяржбяспекі. Адбыліся два закрытыя судовыя працесы - у Менску і Полацку. Па Центры Беларускага Вызваленчага Руху было некалькі закрытых ваенных трыбуналаў у Баранавічах і Менску. Удзельнікаў патрыятычнага руху ашальмавалі як "фашыстаў" і жорстка пакаралі. Некаторых з іх расстралялі, многія загінулі на бальшавіцкай катарзе.
Эрнест Ялугін
Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў
з розных краін сьвету
© 1997 "ВГ"