95. Якія дзеячы расейскае навукі і культуры з паходжання беларусы?


Беларусы зрабілі надзвычай шмат для расейскай культуры й навукі, пачынаючы ад Івана Фёдарава (Федаровіча, з беларускага роду Рагозаў), Пётры Мсціслаўца ды Самойлы Пятроўскага-Сітняновіча (Сымона Полацкага).

Новыя рамёствы прынеслі ў Маскву Клім Міхайлаў са Шклова, майстар аб'ёмнай разьбы ("беларускае рэзі"), які стварыў іканастас Смаленскага сабора ў Маскве; Сцяпан Палубес (Іванаў) з Амсціслава, кафляр і майстар шматколерных рэльефаў; Андрэй Чохаў (Чэхаў), заснавальнік маскоўскай людвісарскай ("пушкарской") традыцыі, які адліў "Цар-гармату".

Сярод беларусаў з паходжання - аўтар першай фундаментальнай "Гісторыі Расійскай" Васіль Тацішчаў (са смаленскіх князёў); літаратары Тадэвуш (Фадзей) Булгарын, Фёдар Глінка, Фёдар Дастаеўскі, Дзмітры Пісараў, Аляксандр Твардоўскі, Міхаіл Ісакоўскі, Яраслаў Смелякоў, а таксама Юры Алеша (з барысаўскае шляхты), Яўген Еўтушенка (продкі з вёскі Хамічы на Гомельшчыне). З беларускіх родаў паходзілі пісьменнікі Аляксандр Грыбаедаў (з Грыбоўскіх) і Аляксандр Грын (сапраўднае прозвішча Грынеўскі). А Уладзімір Высоцкі - з Мяшчанскае слабады ў Маскве, з XВІІ стагоддзя заселенай беларусамі (ён і сам згадваў, што ягоныя карані - на беларускім Палессі). Выдатны мовазнавец, галава Ленінградскае фаналагічнае школы Леў Шчэрба паходзіў з Ігумена Менскай губерні.

З Беларусі ў Расею прыйшло прафесійнае тэатральнае і музычнае мастацтва. Валерыны Азарэвічы са Шклова стварылі расейскую балетную школу. А музычнай часткай імператарскіх тэатраў Пецярбурга, дзе танцавалі Азарэвічавы, кіраваў кампазітар Восіп Казлоўскі, які раней працаваў у Троках і Слоніме. Беларускага паходжання выдатныя кампазітары Міхаіл Глінка, Мадэст Мусаргскі, Ігар Стравінскі (сын саліста Марыінскага тэатра ў Пецярбурзе Фёдара Стравінскага родам з Рэчыцкага павета), Дзмітры Шастаковіч (унук паўстанца 1863 года). Знакаміты актор Васіль Качалаў (Шверубовіч) родам з Вільні, кінаактор Пётра Алейнікаў - з Магілеўшчыны. З беларускіх земляў скульптары Міхайла Мікешын (аўтар помнікаў Б.Хмяльніцкаму ў Кіеве, "1000-годдзе Расеі" ў Ноўгарадзе; лічыў сябе "беларускім панам"), Сяргей Канёнкаў.

У ліку падарожнікаў і ўсходазнаўцаў - першы консул Расеі ў Японіі ды аўтар першага японска- расейскага слоўніка Восіп Гашкевіч; першы расейскі санскрытолаг, стваральнік санскрыта-расейскага слоўніка Каятан Касовіч; укладальнік першага слоўніка якуцкай мовы, "бацька якуцкай літаратуры" Эдвард Пякарскі; падарожнікі Мікалай Перавальскі (Пржевальскі) ды ягоны наступнік Пётра Казлоў; падарожнік і заолаг Рыгор Гром-Грымайла (Грум-Гржымайла). З беларускай Смаленшчыны паходзіць Васіль Дакучаеў, заснавальнік сучаснага глебазнаўства; з Магілеўшчыны - Пётра Касовіч, вядомы аграхімік і глебазнавец; з Віцебшчыны - Браніслаў Вярыга, вучоны-фізіёлаг.

З беларускага роду Корвін-Крукоўскіх славуты матэматык Соф'я Кавалеўская. З Беларусі таксама матэматык Васіль Ермакоў, фізік Аляксандр Садоўскі, хімік Аляксандр Вярыга, радыёхімік Васіль Барадоўскі, інжынеры, будаўнікі портаў Рыга і Кранштат Ян Багінскі ды Язеп Зарэцкі, заснавальнік расейскай школы доменшчыкаў Міхаіл Курака, стваральнік рэактыўных знішчальнікаў "Су" Павел Сухі.

Вінцук Вячорка

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"