96. Як беларусы называлі сябе і сваю мову ў розныя часы?


Па-рознаму. Найстаражытнейшы гістарычны назо ў нашага народу - крывічы. Вацлаў Ластоўскі лічыў, што ён роднасны словам кроўны, сваяк па крыві. Потым, з канца І тысячагоддзя да Н.Х., нашыя продкі называлі сябе Русь, русіны (слова скандынаўскага паходжання; адно з магчымых пачатковых значэнняў - племя тых, хто плавае на чаўнах). Гэтым словам называлі землі, дзе пашыралася хрысціянства ўсходняга абраду. Была полацкая Русь, кіеўская Русь. Калі ў XВ стагоддзі на палітычнай сцене з'явілася Масква, ейную мову сталі называць маскоўскаю, сваю завучы рускаю. У Вялікім Княстве Літоўскім пашырыліся назовы Літва, ліцьвіны. Часам і чужаземцы, і самі беларусы (як навуковец Лаўрэн Зізані) называлі нашую мову літоўскай або літоўска-рускай.

"Белай" спачатку называлі ўсходнюю - Уладзіміра-Суздальскую - Русь. Але ўжо з XІІІ стагоддзя заходнія вандроўнікі звалі Белаю Руссю (Вайсен Руссен, Русія Альба) менавіта беларускія тэрыторыі. Пазней найменне Беларусь замацавалася было за ўсходнебеларускімі землямі - Віцебшчынай, Смаленшчынай, Магілеўшчынай, а з XІX стагоддзя расейскія ўлады сталі называць Беларуссю ўсю краіну. Лідэры беларускага руху пачатку XX стагоддзя - "нашаніўцы" - канчаткова выбралі і пачалі шырока прапагандаваць назву беларусы, беларуская мова.

Вацлаў Ластоўскі ды Ян Станкевіч ад пачатку 20-х гадоў прапагандавалі вяртанне назоваў крывічы, крывіцкая мова. Я.Станкевіч, жывучы ўжо на еміграцыі, з 50-х гадоў укараняў назовы Вялікалітва, вялікаліцьвіны, вялікалітоўская мова.

Вінцук Вячорка

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"