99. Якая нацыянальная рэліквія найкаштоўнейшая для беларусаў?


Можа, сыгнет князя Ізяслава, сына Рагнеды, ці пярсцёнак славутага князя Усяслава Чарадзея, пры якім наша старажытная дзяржава - Полацкае княства - дасягнула найвялікшае магутнасці? А можа, рукапіснае Тураўскае евангелле XІ стагоддзя ці Біблія Францішка Скарыны? Хтосьці скажа, што гэта - абраз Маці Божай Вастрабрамскай або Маці Божай Жыровіцкай, якім маліліся шматлікія пакаленні беларусаў. А нехта будзе сцвярджаць, што гэта - пячатка правадыра паўстанцаў 1863 года Кастуся Каліноўскага або ўрадавая пячатка Беларускай Народнай Рэспублікі.

Але ў нашага народа, пеўна ж, ёсць скарб яшчэ больш каштоўны - крыж, зроблены ў 1161 годзе майстрам-ювелірам Лазарам Богшам для храма Спаса ў Полацку, унікальны помнік беларускага мастацтва. Гэта і хрысціянская рэліквія, бо ў ёй захоўваюцца кроплі крыві Ісуса Хрыста, часцінка ад Божага крыжа ды іншыя хрысціянскія святыні, прысланыя ў старажытнасці ў Полацак з Канстанцінопаля і Ерусаліма. Але найперш яна бясценная для нас таму, што гэта - крыж нябеснай заступніцы Беларусі святой Еўфрасінні Полацкай, нашай славутай асветніцы.

У гады другой сусветнай вайны крыж знік з нашай зямлі. Ёсць звесткі, што ён трапіў у адну з прыватных калекцый за акіян. Доўгі час пошукам крыжа займаліся толькі ентузіясты, цяпер яго вядуць улады Рэспублікі Беларусь і Інтэрпол.

Уладзімір Арлоў

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"